І Лондан, і Парыж
далёка за кардонам,
І Рыа-дэ-Жанейры
ня свецяцца агні.
Жыву спакойны, ціхі,
амаль што невядомы,
Пішу на мове вершы –
і так мінюць дні.
Бываў я у Варшавах,
у Кракавах і Гданьсках,
Па Вроцлаву таксама
ля Одэра гуляў,
Але, прызнацца шчыра,
у тых, не нашых паньствах,
Я край свой нарачанскі
шчымліва ўспамінаў.
Хістаюцца чароты
над чыстаю вадою,
У рэчцы зіхаціцца
бліскучая луска.
Мой край, якою сілай
я звязаны з табою,
Што ты мяне не хочаш
далёка адпускаць?
Утульна мне і проста
сярод людзей знаёмых,
Сярод жанчын прыгожых,
правераных сяброў.
У гутарках, бывае,
хапае слоў салёных,
Ды гэта не змяншае
ні веру, ні любоў.
Паеду, пэўна, ў Лондан.
А можа і ў Парыжы
Блукаць буду Манмартрам
ці дзесьці у Палях,
Але заўсёды буду
вастрыць дадому лыжы,
Па мове і па песнях
шукаць да шчасця шлях.