Ты вяскуй, Беларусь,
Ты вяскуй –
Край дубровы, бусловы,
Шпачыны…
Толькі б кожны
Ў тваім каласку
Прызнаваў за табою
Айчыну.
Ты дазволь, Беларусь,
Ты дазволь:
Хай стагоддзяў
Зайграюць арганы,
Каб нашчадкам
Не чуўся наш боль,
Што сціскае за горла
Арканна…
Нашапчы, Беларусь,
Нашапчы
(Раз няпэўных сыноў
Нарадзіла)
Ты адродкам сваім,
Дзе ключы
Ад каморы з тваім
Дзівасілам…
Ты распрам, Беларусь,
Ты распрам,
За гады
Прыгарбелыя плечы…
Дай званы
Ты сваім званарам,
І пакліч нас
На веча, на веча,
На веча…