Ці помніш ты, нядбалы дружа,
Усё тое, дзе радзіўся, ўзрос?
Дзе напявае зімка стужай,
Ірдзіцца лета бліскам рос?
Аздобнасць неба — сонца, зоры,
Спавіты месяц туманом,
Русалак ночкай разгаворы,
Шчаслівых птушак песні днём?
Ці помніш ты пагляд нясмелы
Свайго радзімага сяла,
Адкуль паплёўся ў свет той белы,
Твая дзе моладасць сплыла?
Нямое поле, сенажаці,
Лазой аквечаны дзірван;
Магілкі, спяць дзе твае брацці,
На ўзмежку прадзедаў курган?
Ці помніш прызбу, плот з прасламі,
Сваю хацінку, свой тачок,
Тваймі стаўляныя бацькамі,
Адвекам крыўлены набок?
Паміж прысад гасцінец біты —
Пясчаны, ўзвілісты пакат;
Паводкай мост стары падмыты,
Бяроз плакучых сумны рад?
Ці помніш ты сваю матулю,
Што над калыскаю тваей
Пяяла песню-байку «люлі»,
Снуючы ў думках рой надзей?
Святую песню родных межаў,
Няхітры мовы свойскай твор,
З якой зліваецца звон вежаў,
А рэха ловіць цёмны бор?
Ці помніш жніў, касьбы дзень шчыры,
Начлег, агонь сярод кустоў;
Палёты з выраю у вырай
Буслоў, гусей і журавоў?
Убор вясковы, невыдумны,
Абычай сельскай прастаты...
Край беларускі мірны, сумны,
Свой родны край ці помніш ты?..