Чатыры словы
Поле, вёска, лес, дарога —
Усяго чатыры словы.
Для кагосьці так нямнога;
Для мяне ж жыцця аснова.
Поле — вечнае багацце!
Яго трэба ўзараць
Ды прыкласці многа працы,
Каб пасля ўраджай сабраць.
Бульба, лён, пшаніца, грэчка,
Жыта, буракі, авёс
І дарога да мястэчка
Упляталіся ў мой лёс.
Вёска клікала: вяртайся! —
Калі ў горад я спяшаўся.
Мне казалі: “Не цурайся
Тых мясцін, дзе вырастаў”.
А вяскоўцы — тыя людзі,
Што да мудрасці вялі.
Мне яны — дарадцы й суддзі,
Спадары сваёй зямлі.
У драўляных цёплых хатах
Тут звінеў дзіцячы смех,
Пры застоллях небагатых
Было месца для пацех.
Лясы слаўнай Беларусі
Цяжка з чымсьці параўнаць.
Каля лесу хадзіў бусел —
Там квітнела сенажаць.
А за сінімі лясамі —
Зноў дарогі, зноў палі.
Вёскі там стаяць вякамі.
Нашы продкі там жылі.