Што нам дзяліць?
I як у свет ісці —
I з ім усім па-людску падзяліцца?..
Травее важкі земляны насціл,
I корань з коранем расце счапіцца.
Уся зямля — адзін стары курган,
Куды сышліся нашых продкаў продкі.
Адна на ўсіх суровая чарга
Туды вядзе, і лік той некароткі.
Там недзе вечна сеюць і аруць —
Забытыя, знябытыя плямёны.
Мы назавём ім нашыя імёны,
I нас па хатах нанач разбяруць.