Даўно ўжо целам я хварэю,
І хвор душой, —
І толькі на цябе надзея,
Край родны мой!
У родным краю ёсць крыніца
Жывой вады.
Там толькі я змагу пазбыцца
Сваей нуды.
Калі-ж у ім умру — загіну, —
Не жалюсь я!
Ня будзеш цяжкая ты сыну
Свайму, земля.
Там хоць у гліне, хоць у брудзе,
Там пад зямлёй,
Найдуць мае слабые грудзі
Сабе спакой.