Мы не з тых, хто шукае цяпла і спакою,
калі край наш рабуюць, калі — слёзы й кроў...
З тых, каго сустракаюць свінцовай чаргою,
хто жыццё без разваг аддае за сяброў.
Дрот калючы адзін нам вянком на магілах
здраднік-лёс рыхтаваў, але лёсу на злосць,
калі толькі пульсуе яшчэ кроў у жылах,
спеў імкнецца ўгару, хай з прабітым скрыдлом.
Беларусь! Ты — наш лёс. Ты — жыццё і спакуса,
грэшны рай, дзіўны сон. Ты — каханне і боль.
Хай дрыжыць і гарыць зноў душа беларуса,
хай загоіць нам раны гарачая соль.