Як у прыродзе зацвітанне чаромхі прадвяшчае слоту або травеньскі мароз, так і з’яўленне на небе зоркі паэта прадвяшчае грамадству вялікія перамены.
Чаромха цвіце прыдарожна...
Па кім б’юць у набат?! Па кім?..
Зноў сэрцы пульсуюць трывожна –
Смерць творцы у сэрцы людскім.
У думках яшчэ, да сканання,
Тваё вершаванне гучыць,
Дзе гукі жалобна літанне
Даносяць да вечнай душы.
Спявай аб героях, народзе,
Зямелькі сваёй ўладарах.
Хай часам насуперак модзе,
Спявай аб сваіх земляках!
А творцу зямля нараджала,
Спрадвеку, усклаўшы ярмо.
Ён слова абраў і арала,
І слова-насенне ўзышло,
І стала яно каласіцца,
Сухі засцілаючы жвір.
Ён даў нам святыя крыніцы
І душы – жалобны пацір.
Успомні паэтаў, народзе,
Што кпяць з рабалепства гадоў,
Пяюць між радкоў аб свабодзе.
Успомні сваіх жа братоў!
Шалеюць драпежныя зграі,
Зноў думкі трывожаць і сны.
А дзень наш у плёне мінае,
Мінуцца й прывідам яны.
Няхай з неба сонца пральецца,
Адвечны пясняраў напеў.
Няхай ён запальвае сэрцы,
На справы святыя заве.
Не адракайся ж, народзе,
Сыноў ад калыскі вякоў.
Жыццё ахвяруючы згодзе,
Не адракайся сыноў!