І.
Сябры, прывітанне з балотнага краю на ўскрайку Еўропы,
Дзе столькі дзівосаў, што часам міжволі збіваюся з тропу.
Тут прага да волі трымціць, быццам кропля вады ў павуцінні,
А памяць застыла таемнай казуркай у цёмным бурштыне.
Замест сувеніраў я вам дасылаю пялёсткі надзеі –
Адзінага скарба, які ў нас не могуць адняць ліхадзеі.
ІІ.
Далёка адсюль да экватара,
Але вельмі блізка – да сэрца;
Знаходжуся быццам у кратары
Вулкана, які не прачнецца.
Смаловы настрой расплываецца
Пад промнямі млявага сонца.
Тут край дэжавю, што здараецца
З табою і мною бясконца…