На чужой староначцы Заняпаў душой, I згубіў здаровейка, І згубіў спакой. Не глядзелі б вочанькі На нялюбы свет, Маладое радасці Прападае след. На чужой староначцы Не цвітуць сады, Не спяваюць птушачкі. Не лятуць сюды. І чужое лецейка Для мяне — зіма, I чужога соўнейка Для мяне няма. На чужой староначцы Не шумяць лясы І няма прыгожасці Ў палявой красы. Замірае душачка На чужой зямлі, А дамоў вярнуціся Не ў маёй валі. Дзе ж вы, ніўкі родныя I дубовы шум? Заспявайце голасна, Каб пазнаў, пачуў. Ўскаланіце песняю Векавечных сноў, Ўскаланіце душачку, Ўскаланіце кроў.