Помнікі Леніну, малебны за Мураўёва...
Народ, беларускі народ, ты здаровы?!
Ганьбіш сваё, уздымаючы помнікі катам...
Скажы, ты цвярозы ці трошкі "пад мухай", паддаты?
Прыхадні "Барыню" таньчаць на склепах герояў...
Бачыўшы гэта, пытаю ў цябе: што з табою?
Цягам тысячы год нарадзіў ты прарокаў нямала.
Што ж маўчыш, калі кпяць з іх цяпер маргіналы?
Ты так годна нясеш па жыцці крыжы ўсіх канфесій...
Але што ў расах Богавых служак робяць тут бесы?
Ты так любіш на кухнях бурчаць пра кошты, бязладдзе...
Дык чаму ж на ўчастках свае "за" ты дорыш уладзе?
Сцяг сарваны, змяшаны ботамі з брудам...
Ці няма пачуцця ў цябе, мой народ, што ты Юда?
Дык ты хочаш ці не, адкажы мне хаця б, "людзьмі звацца"?
Так, станоўчы адказ? Што ж, давай пакрысе прачынацца!