Аблокамі дыму мой Край зацягнула,
старыя званіцы — і тыя маўчаць.
Тут праўда і годнасць давеку заснулі,
адны крумкачы ў паднябессі крычаць.
Дзе Грунвальда слава? Дзе слава Кірхгольма?
Дзе наша магутнасць? Дзе волатаў род?
П'е шляхта гарэлку і б'ецца на соймах,
ваююць магнаты, галее народ.
Радзіма мая! На дарозе, у пыле
ляжыш, паміраеш у немай журбе.
На горла жалезнай пятой наступілі
суседзі, што білі паклоны табе!
Няўжо не паўстанеш, не ўзнімешся болей
у бляску і велічы славы сваёй?..
Спявае Каложа над Нёмнам аб волі,
ды зменена воля чужынскай пятлёй.