Стаю і з пачуццём неўтаймаваным
Гляджу на след блакітны за кармой,
Як быццам я плыву не акіянам,
А Бесяддзю — жаданаю ракой.
Плыву па ёй! Як хлопчыку малому,
Паслаў мне лёс блакітную раку —
Праз цёмны акіян яна дадому
Мяне вядзе, як маці, за руку.
Праз буру, ахвяруючы сабою,
Вядзе і на сабе ўжо — колькі дзён! —
Магутны карабель нясе, вагою
У восемдзесят з нечым тысяч тон.
Што для яе натоўпы хваляў шэрых
I карабля стотысячны цяжар,
Калі на даляглядзе родны бераг
Абдымкамі выглядвае з-за хмар?