ТРЫ ПАДАРОЖНІЦЫ
Тры падарожніцы немаладыя
неяк сышліся ля брамы ў сцяне.
-- Дзева самотная, хто ты?
-- Марыя.
-- Што тут стаіш?
-- Не пускаюць мяне.
Горка ўздыхнулі. Слязой арасілі
дол і няхітрую ежу сваю.
-- Як ты завешся, сястра?
-- Еўфрасіння.
-- Што тут шукаеш?
-- Радзіму маю.
-- Скуль жа ідзеш ты?
-- З Ерусаліма.
Доўга маўчалі. І дзень пацямнеў.
-- Маці сівая, а ты хто?
-- Радзіма.
-- Дзе ж твае дзеці?
-- Забылі мяне.
Ціха пастукалі ў браму. А людзі,
пэўна, прыснулі, бо позні быў час.
…Ноччу ўсхаплюся – як стрэлілі ў грудзі.
-- Хто ты, -- пытаю.
Дыханне ў адказ.