Бягуць бярозкі ля чыгункі,
Гляджу на іх я з-пад рукі.
Вясна дала ім падарункі —
Зялёных колераў лісткі.
Я іх, маленькіх, беластвольных,
Пяшчотна прыгалубіць рад...
Цягнік імчыць, грукочуць колы —
Ўсплывае новы далягляд.
I бачу дружныя усходы —
Вятры лагодна песцяць рунь,
А далей — карпусы заводаў
Імкнуцца трубамі ўгару.
Хвіліна — бор шугае міма,
I пах смалы плыве ў вагон.
Якая слаўная Радзіма!
Які прастор! Які разгон!
I я ўсміхаюся, шчаслівы.
I люба сэрцам мне жадаць:
Вось гэтым дрэўцам, гэтым нівам
Усё жыццё сваё аддаць...