Варта ў крылы паверыць свае,
Трэба ў крылы свае паверыць,
А нам смеласці ўсё не стае,
Каб свой край на свой лёт перамераць.
Крылы нашы — для радасці, мар,
Крылы нашы — для працы і свята.
Крылы — лішнія, крылы — цяжар,
Калі ў іх не верыш зацята.
Крылы ціснуцца пудка к спіне —
I адкуль сарамлівасць такая?
Хто, як ветразі, іх развіне?
А Радзіма чакае, чакае...
Каб пад намі зямля паплыла,
Каб вятры захадзілі над намі, —
Трэба верыць у сілу крыла
I абняць Беларусь крыламі!