ВАЎКІ
Згадкі пра сны дзяцінства
Мне сніцца — праз бясконцыя вякі
бягу я, абрываючы ўсе жылы,
за мною ― ашалелыя ваўкі,
іх зграя мяне шчыльна акружыла.
Бягу наўпрост, не вучаны віхляць,
па горкім па бур’яне-палыне,
пагоню мне ніяк не ашукаць,
і сэрца вось-вось выскачыць з мяне.
Бяжыць за мною ўслед сляпая поўня,
з халоднаю усмешкаю пустой…
І быццам я спыняюся раптоўна,
ўстаю, як слуп, грудзьмі да хеўры той!
Адзін, зусім адзін прад лютай зграяй —
абвостраны смяротна зрок і слых!
І толькі пра адно ўсім сэрцам дбаю —
не ўкленчыць, не зламацца ў гэты міг!
І, прыпыніўшы на імгненне дых,
спустошаны, навокал азірнуся,
праз галаву куляюся ў той міг,
і... ваўкалакам шэрым станаўлюся!
Ды хутка адчуваю: не зманіць
сабе, хоць звонку стаў ваўком таксама,
не хочацца па-воўчаму мне выць,
і ў тым мая нязмушаная драма!..
Мне ў тлуме тым паветра не стае,
душа законаў зграі не прымае!..
Хачу спыніцца, вырвацца з яе
і свой пракласці шлях да небакраю...
Ды ўрэшце я, зняможаны, прачнуўся,
і раптам зразумеў, што ў руку сон!
Ваўкоў тых развялося ў Беларусі,
што столькі не пладзілася здавён!
Яны вакол ў спякоце, ў завірусе,
як горкі рок, як вечны наш праклён!
Ваўкі, ваўкі, ваўкі на Беларусі!
І гэта ўжо зусім не лёгкі сон!
І думаю я ў невымернай скрусе:
як жа наяве ад бяды ўцячы?
Ваўкі, ваўкі, ваўкі на Беларусі,
зноў песню смерці выюць уначы!