Мала пражыў Караткевіч,
Сціпла сыйшоў Барадулін,
Не развітаўся Гілевіч -
Волаты нашы паснулі…
Спіце ж, і ведайце! Будзе
Светлае нам адраджэнне,
І аджыве ў простым людзе
Матчынай мовы натхненне!
Век наш пракляты, мы самі
Не разглядаем дарогі,
Ды шчыра верым, што з вамі
Скруцім заклятасці рогі!
Будзем па-свойму маліцца,
Дзецям чытаць вашы вершы,
Словам сваім ганарыцца,
Ведаць, што кожны з вас першы!
Нас блаславіць Еўфрасіння,
Богша устане з магілы!
Будзем як вы, дарагія,
Край абаронім свой мілы!
Толькі у сэрцах жывіце,
Нас з вышыні пашкадуйце!
І на шляхах перайміце,
Слабасці нашы даруйце!
Вашы радкі пацалуем,
К сэрцу прыгорнем далоняй,
Сілы свае загартуем,
Рушым за вечнай Пагоняй!