Я гэта бачыў сам, хоць адышло: Ў апошні, можа, раз на белым свеце Ішлі быкі і ворыва плыло, А зверху — хмары, чырвань, сінь і вецер... Ідуць па ўзгорках, круглых і цяжкіх, За імі йльсняныя ў адвалах межы... Як старажытныя князі, быкі Маю радзіму на кавалкі рэжуць. З нябачнае лагчыны йдуць яны Да сонца, ветру, хмараў і разлогаў, На ўзгорак, велічны, як шар зямны, Бы два паўмесяцы, усплываюць рогі. Заплюшчу вочы — і перада мной Два цені йдуць пад крумкачынай зграяй, I рэжуць свет нарожнаю бранёй, I капыты — бы край мой папіраюць. Бялкі ў крыві, а капыты — ў гразі. I ўсё здаецца мне: нарогам-зброяй Быкі, як старажытныя князі, Маю радзіму на кавалкі крояць. Ў смяротны час — няхай прайшлі гады — Ў маё апошняе сальюцца слова, I сэрца раздзяруць на дзве паловы Аблокаў барва, сінь, трывожны дым, Радзімы твар, і горды, і суровы.