ВОЎК КНЯЗЯ ГЭДЫМІНА
Я не ведаю імёнаў
кветак, птушак і начальства.
Я каменьчыкі збіраю
і малюскаў – так, да кучы.
Ды аднойчы я дастала
ваўчаня з чужое пасткі.
І жыве ў мяне жывёлка,
хоць характар і падлючы.
Воўк мой падазрона белы,
і чамусь баіцца поўні.
Выць не ўмее, толькі вочы
жоўтым свецяцца бурштынам.
Па начах кудысьці рвецца,
то маўчыць, то ціха стогне.
А пад ранак прапануе
будаваць нанова Вільню.
Не батанік, не заолаг,
я магла і пераблытаць,
У вітальні ля пантофляў
і не воўк мяне чакае.
Але ўчора нейкі дзядзька,
што назваўся Гэдымінам,
Стукаўся ва ўсе пад’езды
і казаў – ваўка шукае.
Без яго, маўляў, ніколі
збудаваць не зможа Вільню.