Там, за рэчкай, у бары
Пасяліўся нехта,
Ён – як сон маёй пары,
Ці як рыфма верша.
Цэлы дзень мяне дзяржыць
У палоне думак,
І гаворыць, як мне жыць,
Дзе мой шлях-кірунак.
Успаміны прывялі
Да бацькоўскай хаты,
Адгукнуліся ў бары
Гулкім стукам дзятла.
Птушка сведчая, скажы,
Што хвалюе дрэва,
Можа, заклікі з вышынь:
Пакланіцца трэба?
Дзесьці тут спакон трымаў
Сялянін сялібу,
Князь Ізбарскі аддаваў
Вотчыну пад жыта.
А ўздоўж Эсы берагі
Ад Багоў у пазыку -
Строй смалістых дрэў даўгі,
Ды прамых - к блакіту.
Назву меў Вялікі бор,
Статныя лясіны,
І духмяны верас-збор,
Як дары з пасылак.
А далей, бліжэй к вадзе,
Гліняныя Горы,
І Яфрэмава удзел –
Поле з касагорам.
Пацякла рака далей –
У Лугі, да Лепля,
Дзе святочна маладзеў
Стары Ізабелін.
О, якія назвы тут:
Куляшы, Бяседы…
Гэта месца – родны кут,
Не бывае лепей.
Засталіся з прадвякоў
Назвы, што жывыя,
Адчуваеш крок дзядоў –
Хвалямі наплывы.
Ад той капелькі смалы,
Ад смалы – жывіцы,
Людзі Лепль узвялі,
Каб і вам гасціцца.
А на месцы, дзе раслі
Статныя сасніны,
Дзед мяне, свой род расціў,
Ды касіў каліўе…
Вёскі дахі паднялі,
Ды прыйшлі часіны,
Калі горад паманіў
Лампай з керасінам.
Нібы з вулляў, з цесных сот,
Пчолкамі ў полі,
Разляцеўся мой народ -
Сыскам лепшай долі.
…Зноў прайдуся па бары,
Ды ўздыхну з надзеяй,
Што янтарны збор смалы
Пакаленні зберуць.
Дык няхай ён і далей
Сосны калыхае,
Бо шуміць – тады святлей -
Мовіць каранямі…