Я бываў у далёкіх землях
Намагаўся глядзець ўпярод
Толькі ўсё ж прываротным зеллем
Зноў да родных вяло варот
Зноў іду я па роднай вуліцы
Дзе хадзіў трыццаць год таму
Да мясцін гэтых сэрца туліцца
Толькі дзіўна табе – чаму
А табе не пабачыць гэтага
Што праз сэрца наскрозь прайшло
На лугах, ў якіх хлопцам бегаў я
Пустазелле даўно прарасло
А табе не пачуць, што чуецца
Мне, як выйду я ў дзедаў сад
Нібы хтось да касьбы рыхтуецца
I звініць аб брусок каса
Як табе зразумець галоўнае
Хоць па свету я шмат прайшоў
А пад месяца промні поўнага
Што шукаў – раптам тут знайшоў