Душою збалелаю ціха гарнуся да птушак, да кветак, да дрэў, да травы… І не таюся – пры ўсіх ганаруся, што з доляй адзінай маёй Беларусі лучу сваю долю, пакуль я жывы. Тут войны не раз засявалі раллю. Чужых і сваіх смерць няшчадна касіла. Спяць воі пад вартай бярэзін пахілых. А кветкі ўпрыгожваюць нашу зямлю нанова. Не толькі на брацкіх магілах. Нас мовы сваёй пазбаўлялі. Ды ўсё ж, хоць многае ўжо незваротна забыта, яна з пракавечнага ўжытку не зжыта. І ў полі штогод каласуе не “рож”, а наша сваё жыццядайнае – жыта. Галеюць утручаных рэк берагі. Даўно пазнікалі старыя стагі. Ад сцюжы няўмольнай, ад цяжкай тугі згасаюць пра лета няпэўныя згадкі. Але ж – утравеюць нарэшце лугі і паша ўратуе галодныя статкі. Чарнобыль дыхнуў прыхаванай вайной. Нашкодзіў не менш за гарматы ды танкі. Пралескі не пахнуць ігліцай лясной. Узлескі не вабяць парою грыбной. А ўсё-ткі і спозненай гэтай вясной буслы – на жыццё! – рамантуюць буслянкі. У жыце, ў буслянцы, у кветцы, ў траве – жыве Беларусь. Ж ы в е !