Бабровыя слёзы
Глядзіць двума стваламі стрэльба
ў бабра спалоханыя вочы –
і просьба ў тых вачах: “Не трэба!”,
і звера морду… нешта мочыць.
Сядзіць ён перад паляўнічым
і вастраносую трэ морду.
Блішчаць расінкі слёзак-знічак.
“Узяў, зубаты, плакаць моду”.
Упершыню наш паляўнічы
бабровыя пабачыў слёзы.
“Бабёр расплакаўся! Глядзі ты!
Раве і не мяняе позы!
Не плач. Цябе не буду крыўдзіць.
Ідзі, зубаты, да бабрыхі.
Ідзі ў нару. Ідзі ва ўкрыцце.
Сядзі з бабрыхаю ва ўкрыцці”.
Глядзіць ён гузікамі вочак
на чалавека і сабаку –
і чалавек страляць не хоча,
убачыўшы, як ён заплакаў.
І кажа чалавек: “Не трэба”.
Сляза бабра яго змякчыла.
І апускае вочы стрэльба
перад бабровымі вачыма.