Плылі туманы бялёсыя —
Малочныя туманы
Над Нарачанскімі плёсамі,
З-над Нёмна, Дняпра, Дзвіны.
Да сонца ў сонцы скляпеніліся
Белаю вапнай муры.
У звонкіх даёнках пеніліся
Рэчак малочных віры.
Ручво да ручва, як гонейкі,
Скрозь па лугах вясной
Палотны, слепячы сонейка,
Слаліся белізной.
Белых бяроз Вежы Белыя
Ў сакавіцкіх палях
Падпярэзваў з'інелы сам
Вечны Млечны Шлях.
Ды не паспявалі сняжыначкі
Далані арасіць,
Чаромхавы квет на сцяжыначкі
Збівалі рагамі ласі;
Ды не паспявалі чаромухі
Долу асыпаць квет,
Грэчкі — унучкі сёмухі —
Духмянілі ўвесь сусвет;
Вярталіся з выраю птушачкі:
«Долу кінь перыйка, птах!
На белыя на падушачкі —
Дачушачкам на пасаг!..»
Мілая, любая, родная
Зямля абяцаная,
Белая — значыць свабодная,
Незваяваная.
Вечная над нязванымі,
Няпрошанымі гасцьмі —
Над немымі іх курганамі,
Над белымі іх касцьмі,
Пад сонцам, што добрым Ярылаю
Спрадвеку святочна гарыць,
Пад парай буслоў белакрылаю,
Што кружыць на шчасце ўгары.