Адзін мой сябра – у Амерыцы хвалёнай,
другі – у Польшчы. Там у кожнага – свой рай.
А я, цюхцяй, – у Беларусі, улюблёны
ў сваю старонку – ненаглядны родны край.
Куды мне бегчы? Я – любві сваёй прыгонны.
Але душу не развярэджвае раздрай,
бо толькі ў нас усе жанчыначкі – мадонны.
Адна ўсміхнецца – на паўсвета сонцаграй.
А дзе яшчэ увосень гэтак ззяюць клёны?
І дзе так сэрца грэе весняя пара?
А далягляды пад шатром нябёс бяздонных?
А спеў салоўкі і світальная зара?..
О, цудны Божа! Каб Ты мне яшчэ дазволіў
гадкоў да ста ў такой “памучыцца” "няволі."
11.10.2013