Як я, родныя, вас ні люблю,
у часіну, што мне невядома,
я аднойчы пакіну зямлю
і нарэшце вярнуся дадому.
Уздымуся на крылах любві,
развітаюся з любай Радзімай,
блаславіўшы: "У шчасці жыві!
Ты была мне уцехай адзінай."
Ты дарыла мне радасць быцця,
наталяла вадою крынічнай.
У лясах тваіх, быццам дзіця,
я прапітваўся пахам сунічным.
На лугах тваіх лашчыў траву
і збіраў для каханай рамонкі.
І крычаў, як шалёны: "Жыву!"
славаслоўцы жыцця — жаваронку.
Улюблёны і ў сонца, і ў дождж,
я быў шчасны — прыгожы і дужы —
і любіў пахадзіць басанож —
як маленькі гарэза — па лужах.
А калі ўжо згасала цяпло
летніх ночак парой прадасенняй
для мяне асалодай было
аб нябёсным памарыць на сене.
Падзівіцца на зорны салют,
назбіраць успамінаў — на памяць.
абрытаць коскі ветрыка ў жмут
і абняць далягляды рукамі...
Я аднойчы пакіну зямлю
і нарэшце вярнуся дадому.
Але сёння жыццё так люблю,
што не дам яго скрасці нікому.
17.06.2014