Бусліная крэпасць
Буслы жывуць на Навапрудскай –
ля бойкай трасы, ля людзей.
Зямліцы сімвал беларускай
сядзіць на слупе, у гняздзе.
Ды некалі з жыллём бусліным
на слупе тым была бяда:
са слупа падалі галіны,
прынесеныя для гнязда.
Каб не было ў буслоў гаротных
з жылою плошчаю бяды,
старыя чалавек вароты
замацаваў на слупе тым.
Вароты – для гнязда фундамент.
Фундаментам зрабілі хлам,
каб звілася гняздо бусламі
і стала крэпасцю буслам.