Буся
Чорны бусел – дзікая птушка, якае жыве пераважна ў глухіх лясах. Рэдка чорны бусел селіцца каля людзей, а каб ён сам прыйшоў да чалавека – такога амаль не заўважалася. Адзін з такіх рэдкіх выпадкаў быў зафіксаваны ў 2010 годзе ў аграгарадку Ваверка Лідскага раёна, пра што пісала “Лідская газета”.
Дождж над Ваверкаю густа
ўночы ліў. А ўранку
гаспадар заўважыў бусла
чорнага ля брамкі.
У дзядка худы, як чапля,
чорны, як варона,
птах, прамоклы і празяблы,
просіць абароны.
Веснічкі дзед адчыняе,
чарвякоў капае.
Есці іх птах пачынае,
дзюбаю хапае.
Аднавілася пагода.
Вычысціў птах пёркі.
Спадабалася – не хоча
адлятаць з надворка.
Па надворку ходзіць птушка.
Тым жа светлым ранкам
пазнаёміліся ўнучка,
бабка з “кватарантам”.
Крочыць па надворках вестка,
крочыць па акрузе:
завітаў да чалавека
дзікі чорны бусел!
Расказала аб прыгодзе
вёсцы ўсёй бабуся –
уся Ваверка прыходзіць
паглядзець на Бусю.
Ходзяць з прэсай паштальёны.
Аб прыгодзе гэтай
раскажы ўсяму раёну,
“Лідская газета”!