Дождж ідзе праменісты і дробны,
Пахнуць мятай мокрыя лугі.
Вось ён, свет, як сэрца, непадробны,
Да дажджынкі кожнай не глухі.
Росная зялёная айчына!
На цябе, паўнюткую святла,
Пазіраюць круглымі вачыма
Птушаняты з цёплага дупла.
З гнёздаў мы даўно павыляталі,
Ды не развучыліся глядзець,
Як па спелым полі, па атаве
Дождж грыбны на дыбачках ідзе.
Самы раз цяпер з лазовым кошыкам
Па сцяжынках рысяў і ваўкоў
Выправіцца з раніцы на пошукі
Маладых тугіх баравікоў...
Я стаю, гады свае гартаю,
I сціскае сэрца нейкі боль,
Быццам я на Месяц адлятаю,
Быццам я лугоў не ўбачу больш.
Не, не развітаюся ніколі
З родным краем, дзе так светла нам.
Проста я люблю яго да болю
I з любоўю дзецям перадам.