Палотны беляць на росах чыстых
I ясным сонцам абаграваюць,
Пад песні ціхія урачыста
Дзяўчаты шоўкам іх вышываюць.
Я знаю гэта майстэрства матак,
Заўжды дзівіўся з узораў дзіўных.
Па ручніку, што з роднай хаты,
Мы пазнавалі сваю радзіму.
А сёння лёс куды б ні кінуў, —
Пазнаць усюды мне будзе міла
Аўтамашыны маёй краіны
З зубром жалезным, з зубрынай сілай.
А ля глыбокіх тугіх барознаў,
Што недзе трактар адверне плугам,
Успомню гоман я мінскіх соснаў,
Пазнаю ўсюды майстэрства друга.
Пазнаю край свой па звонкіх песнях,
Якія склалі у нас паэты,
Па словах мужных, праўдзівых, чэсных
Паслоў народных на сходах свету.
Яшчэ пазнаю свой край па казках,
Якія людзі раскажуць дзецям,
Аб нашай славе партызанскай,
Што сёння ходзіць на ўсёй планеце.