(15 ліпеня 1410 г., Грунвальд) Чорны крыж на белым полі... Край распяты на крыжы? «Смерць ці воля, смерць ці воля», – Грозна звоняць палашы. На харугву йдзе харугва, I на раць кладзецца раць. «Пастаім жа, брацці-другі! Яшчэ рана паміраць». Вось і дождж прайшоў спагадны Над крывавай малацьбой. I ажыў падляшскі латнік, I паўстаў мсціслаўскі ной. Чорны крыж на белым полі... He распяць нас на крыжы! Смерць ці воля, смерць ці воля – Вырашаюць палашы. Вырашае меч булатны I татарская страла. Вырашае просты ратнік — Сейбіт з ціхага сяла. I нястрымная Пагоня, Што ўразаецца ў крыжы... He затопча нашы гоні Бот чужы!