Гэта неба ад краю да краю,
Пад якім давялося мне жыць,
Я да кроплі ў душу забіраю,
Разапнуты на вечным крыжы.
Гэты крыж безагляднай любові
На вяршыню пакутаў узнёс,
Каб за смерцю прадоўжыўся ў слове
Існым часам няспраўджаны лёс.
Гэты лёс, хоць заб’е, а дазволіў,
Каб сапраўдныя людзі прыйшлі,
Пазмагацца за праўду і волю,
Перш чым стаць простай жменькай зямлі.
А яшчэ ёсць спагадлівы позірк,
Так глядзіш на мяне толькі ты.
Іскры смутку і радасці позняй
Панясу за парог нематы.
Жураўлём у сілё сэрца б’ецца,
Кліча горняга выраю клін...
А мая Беларусь застаецца.
На вякі.
Назаўсёды.
Амін.