— Вы куды, скажыце, гусі,
Сінім небам паплылі?
Хто ляцець вас з поўдня змусіў,
З цёплай ласкавай зямлі?
Тут і пальмы, і бананы,
Райскіх яблыкаў сады.
Каб на край чароўны глянуць,
Кожны просіцца сюды.
Мора сіняе, арыкі,
Кветкі, кветкі — выбірай.
Скрозь гуляюць сонца блікі.
Тут зямны сапраўдны рай.
Так, тут добра, тут цудоўна,
Ды нас кліча край другі.
Мы ляцім туды, на поўнач.
Там зімой ляжаць снягі.
Там між вольхаў ды ракіты
Прыпяць вольная цячэ,
Лён сінее пад блакітам,
У палях рунее жыта,
Сонца ўзоры красак тчэ.
Там цяпер вясна, ў тым краі
Раўчукі бягуць, звіняць,
Вецер сонечны гуляе,
Вербы весела шумяць.
Там ля рэчак ціхаплынных
Зелянеюць чараты.
Над тым краем салаўіным
Месяц ходзіць залаты.
Там, сярод віроў глыбокіх,
Рыба плёскае ў рацэ.
Там на купінах далёкіх
Нашы гнёзды ў асацэ.
Нам не трэба край інакшы,
Нам адзін — туды — маршрут.
Гэты край — радзіма наша,
Родны наш спрадвечны кут.