Зноў вярнуўся я ў бацькаў свет палявы — У першабытнасць дрэў і травы. Авяваюць мяне вольныя крылы радзімы — Вёсны ды зімы. О як хораша — толькі з парога — піць Маладыя настоі раніц! Аб галінку шыпшыны лясной (Як матылі, яе кветкі абселі) палец раніць! Грае вечную арыю бор — Я пайду без дарог, як вецер. Можа, ўбачу, як ладзіць бабёр Свой прытулак на гэтай планеце. Блісне мне ля тваёй дзеразы Бліскавіца-яшчарка, лесе. А мо стрэну пагляд казы, Што пасецца ў зялёным леце? Там з-за хвой, дзе сцежка лася, З-за галін вербалозу, здалёку Мне, як радасць, адкрыецца ўся Азярына — зборнік аблокаў. Будзе плёхаць хваля ў трысці, Асыпаць пялёсткі каліна... Гэта шчасце, што ёсць у жыцці Родны бацькаўскі свет каляінны!