Ізноў патрыёта муштруюць за сцяг,
Пра які яшчэ толькі Скурко, а не Танк,
Прыгадваў узнёсла ды з гонарам так:
“Глядзіце ў будучыню смела!
Настаў доўгачаканы час,
Пад сцягам бел-чырвона-белым
Чакае перамога нас.”
Паэта радкам без дэкады стагоддзе.
А голас праз дрот усё крычыць: “Хопіць, годзе!”,
Бо чалавечая годнасць не ў згодзе,
Што дух пераможны пакуль не ў свабодзе.
Хтось лічыць Сізіфамі тых, хто на дах
Вывешвае, цемру руйнуючы, сцяг.
Але ён з туману, нібы той маяк,
Які для мільёнаў і сімвал, і знак,
Фарватэр высвечвае ў ясных вачах
З багны, з дрыгвы ў Беларушчыну шлях!