Клічуць продкі нас зноў у Пагоню –
Край у чорным агні забыцця.
І стынуць знямелыя ў сконе
Бязродных нашчадкаў крыніцы жыцця.
Пошасць і хіжасць ліхога прыгнёту –
Бальшавіцкага раю нязбытай тугі –
Рыхтуюць народу пагібель і слоту
Праклятай навекі сібірскай тайгі.
Айчынапрадажнікі і мафіёзі
Дух народны распялі на хцівай хлусні.
Чужынцамі зноўку рабуюць, вывозяць
Нашых талентаў, думак жывых карані.
Мой народзе, сынам тваім скрушна, балесна...
Але неба высвечвае добры нам знак:
Мо з глыбінь твайго духу ізноў уваскрэснуў
Белым волатам духу ахвярны Пазьняк?
А мо Каліноўскі? Ці гэта Вашчылы
Паўстаў несмяротны над роспаччу дух
Святлом ачышчальнага сонца Ярылы
Разбіць катавання закляты ланцуг.
Апошні ваяр старажытнай Пагоні,
Ўдзірванелую ўзняў ты над часам мяжу,
На алтар запраданай старонкі, Зяноне,
Узняўшы, як неба, чысцютку душу.
Мог стаць для народа заступнікам-служкай.
Ды ўсё, як па бібліі, ў свеце глухім:
Ты разам з Агінскім, ты разам з Касцюшкам
Глытаеш прагорклы выгнанніцкі дым...
Годзе ж і нам у маскоўскім палоне
Бессаромна, абражана спаць.
Уставайма, сыны, пад святую Пагоню
Беларусь і душу ратаваць.
1996