Колькі па свеце схадзілі,
Ператапталі бяды,
Толькі дыханне Радзімы
Кліча здалёку заўжды.
Лепшая ж песня ці спета?
Ў красках гарыць сенажаць.
Вось і чырвонае лета —
Будзем яго святкаваць!
Вось яны: пушча і поле
Ў грозных паданнях сівых.
Тут не гублялі ніколі
Коннікі коней сваіх.
Край мой, загадкава-сіні,
Сіняя стынь на траве...
...Яснымі вочкамі сына
Ў свет аблачынка плыве.