А мне ў мілай старане —
Бліжэй да сонца і прыроды...
Там дзень праявіцца ў акне
Густым малінавым усходам.
Дыхне сцюдзёна ад ракі
Травой і рыбнаю лускою,
I заблішчаць чарнавікі
Слязой ці першаю расою.
...Вясна. I заўтра быць сяўбе.
На сонцы сушацца сарочкі...
Ды ці не ад саміх сябе
Мы часта бегаем упрочкі?
Ўдыхаем цвет чужых палян,
Пакуль сваё не возьме проза,
Пакуль спаўзе, як і туман,
Адступіць шэранькая поза.