І.
За краем, за палоскай прамянёў
сутонне раскрывае хутка крылы,
паўзе за ценем цень між каранёў
магутных дрэваў Велічы і Сілы.
У лесе – бездань возера сярод
дрымотных нетраў, цёмных, некранутых.
Хіба ж Пярун, Сварог, Дажбог ці Род
тут не былі калісьці апрануты?
Ці ж не адсюль з’явіліся і мы,
з крыніцы радавого першацвету,
змагаючыся з подыхам зімы,
ды часам нараджаючы паэтаў?..
ІІ.
Трывала краю ў вочы паглядзі
і падкажы, што здарылася з імі?
Ці мо ў ягонай стомленай грудзі
не б’ецца сэрца? Можа з ім чужымі
мы сталі за тых некалькі гадоў,
што ў параўнанні з вечнасцю – імгненне?
Ці ж зноў ператварымся мы ў братоў,
не робячы з сумленнем пагаднення?
Не ведаю. Ды колькі ўжо мы так!
Мінуўшчына забыта без звароту.
Гісторыя!.. З тых лічбаў і адзнак
нічога, акрамя крыві і поту,
не вынеслі. Пад гнетам гінуў дух
і хутка пераблыталі мы самі,
што добрае, што злое. Мо да двух
пералічыць не здольныя часамі?
Не ведаю. Хіба ж за столькі год
не можна не змяніцца канчаткова,
ды так, каб, нават, пазабыў народ
гаворкі роднай матчынае слова?..
Не ведаю, мо нагадана нам
змарнець у канчатковым заняпадзе,
каб слёзы ільючы па ўсім панам
і суцяшэнням добранькага “дзядзі”?
Ці, можа, узгадаем, як было,
пакуль не ўмерлі ад насільных лекаў?
Ці страху пачуццё перамагло
няспынным шляхам неадступных здзекаў?
Не веру я, што з’еўшы языкі,
мы праглынулі разам годнасць нашу.
Што сталі несцярпліва нам брыдкі
ўсе рэчы, акрамя парткоў ды кашы.
Не веру, што ад велічы князёў
зусім нічога ў нас не засталося,
што хочам, як на полі парасё,
стаптаць душы танклявае калоссе.
Не веру, бо няма такіх правоў,
якія б заахвоцілі згадзіцца,
што нас, ліцвінаў, да беларусоў
не прывяла чароўная вадзіца...
Дый годзе. Што дурное варушыць!
Права старая на той конт прадмова.
У пошуках сканалае душы
ўсё ж вернемся да матчынае мовы.