Радзіма… Вочы, поўныя крыві,
на вуснах болю, як кляймо, пячатка,
у лахманах, хоць на анучы рві,
а пад нагамі – ворага пальчатка.
Ізноў Тваю душу імкнецца рваць
узнікшая аднекуль – невядома –
варожая свабодзе нашай раць,
якой чамусьці не сядзіцца дома.
І зноў для вырашэння звышзадач
спазнання злу Ты пасмакуеш фрукты –
але грудзей не дакранецца плач,
старых балючых не апусціш рук Ты.
Твой лёс, як той самотны карабель,
які, згубіўшы ўсе арыенціры,
пераканаў сусвет, што сеў на мель
і для піратаў стаў мішэнню ў ціры.
Аднак вятрам насуперак усім
ты выжывеш, як гэта ўжо бывала.
Адразу лепей літасці прасі
ліхая непрыяцеля навала!
Ты выжывеш... Ссівелая – для нас
ты застанешся вечна маладою.
Радзіма-маці! Будзе светлы час.
Ён будзе, калі будзем мы з Табою.