ПРА АРЛОЎ ДЫ ГУСЕЙ
Пад сьнегам гор дзесь лётаюць арлы,
Шчыпаюць дзесь траву на лузе гусі...
Вялікі гэты сьвет, альбо малы,
А ў ім хапае месца Беларусі.
Але-ж, сябры, спытаю я, якой?
І верш напоўню прозаю крытычнай,
Бо сэрца мне праніжа неспакой,
Як сам і ўдакладню: "Геаграфічнай...".
А іншую даўно ў нас хтось забраў.
Яе заўважыць можна вельмі рэдка.
Прычыны, кажуць, гэткіх дзіўных спраў,
Гісторыя ды ўсходняя суседка.
Суседка вінавата, слоў няма,
Аб тым я шмат разоў чытаў у друку.
Ды мова-ж наша зьнікла не сама.
Да гэтага мы ўсе прыклалі руку.
Прыклалі так, што цяжка адарваць.
Сьхіліўшысь у напрамку да трасянкі,
Не "ложак" мы ўжо кажам, а "краваць",
"Стаканы" напаўняем, а не "шклянкі".
Сядзім з кавалкам сала ля стала,
І памяць не падказвае тугая,
Што ў нас і геаграфія была
Калісь раней зусім-зусім другая.
І гор у нас хапала, і арлоў,
Два моры абмывалі нашы межы,
І, ў Княства прыбываючых паслоў,
Зьдзіўляла непахіснасьць Белай вежы...
Стаіць яна і зараз над ракой,
Ды воды ў ёй цякуць ужо не тыя:
Валодае дзяржавай неспакой,
Часы наўкол даўно не залатыя.
Хтось зноў крычыць:"Працуйце задарма!",
Бо чуе ўжо пад лысінаю ваўку...
Краіна ёсьць, "арлоў" у ёй няма,
А "гусі" ўсё шчыпаюць моўчкі траўку.
Эстонія, Йыхві, верасень 2015 г.