ВЯРТАНЬНЕ
Развітаньне...- звычайная справа!
Шмат разоў я ўжо зьведваў яе,
Але...смачная матчына страва
Штосьці комам у горле стае.
За дзьвярыма бацькоўскае хаты
Зноў кажу сваёй шчырай радні:
-Не крыўдуйце,мо ў чым вінаваты?..
Трэба ехаць...Канчаюцца дні...
Пацалункі, апошнія словы,
Гул аўтобусны, Кобрын ды Брэст,
Цягніка перастук адмысловы,
Пецярбургскага вершніка жэст...
Я жыцьцё сваё зноў пражываю,
(Хто памылак у ім не рабіў!),
Кожным крокам сябе адрываю
Ад таго, што пакінуў, згубіў...
І ахвота спыніць тыя крокі,
Каб душа не танула ў журбе,
Бо вятраньне маё,як уцёкі,
Ад сяброў, ад самога сябе.
Не спыніцца.Мне ўжо не спыніцца!
Зноў закруціцца дзён карагод,
Будзе зноў мая вёска мне сьніцца
Кожнай ноччу бязьлітасны год...
Напаўняецца сэрца пустэчай...
Шлях праз мост і кантроль на мяжы...
Пасьля летняй з радзімай сустрэчы,
Я вяртаюся ў горад чужы.
Пецярбург - Ківіылі, 1994 год. З зборніка
вершаў "Сярод белых эстонскіх начэй".Талін 1995.