Птушкі з казкі
Сыйдзе лёд – на возеры “аблокі”:
лебедзі, прыгожыя, бы ў казцы,
што з краёў вярнуліся далёкіх,
што знудзіліся па нашай ласцы.
Побач плаваюць з катамаранам.
Птушак не палохае сабака.
Рыбакі на бераг прыйдуць рана –
да кампаніі плывуць рыбацкай.
Хлеб даюць – на сушу могуць выйсці.
З птушкамі фатаграфуюць пары.
Лебядзіны свет, бацькі, адкрыйце
дзіцяняці, што іх бачыць марыць.
Дзень пагодны – дома не сядзіце.
Лебедзі чакаюць вашай ласкі.
Дзіцянё на возера вядзіце –
хай яно пабачыць птушак з казкі.