Я сцяжын нязведаных шукаю,
Свайму лёсу крочу напрасткі.
У бярозавым нямею гаі –
Я з маленства самага такі.
Мне б, здавалася, хоць трохі збочыць,
Ды даваць не звыкся круталя.
Дню малюся і баюся ночы,
Бо самотнай робіцца зямля.
Не відаць ні дрэваў, ані красак,
Не чаруе позірк прыгажосць.
Зрэдку Месяц – небны самапасак –
Лыпне вокам, як нелюбы госць.
Сігану паглядам я да зорак –
Міг адзін, а гэткі доўгі шлях.
Пакаціўся Месяц за пагорак,
Цішыню спужаўшы ў садах.