Як жыву, так і пішу,
Не пішу, дык думаю,
Не кранай адно душу,
Не трывож бяду маю.
Неяк спраўлюся я сам
З бураю сустрэчнаю,
А сумлення не прадам –
Несыходна-вечнае.
Пакладу жыццё ў пракос,
Стомлена спынюся
Ля крынічкі, дзе ўзрос,
І нагбом нап’юся.
Панясу далей свой крыж
З верай пілігрыма,
Хоць падчас на свет глядзіш
Скрушнымі вачыма.
Я тугу і боль спазнаў,
Думаў, што стамлюся,
Толькі Бог мне сілы даў
Не скарыцца скрусе.