Вісне скарга уздоўж Нёмна, Беларусі сына. Як ты бедна, як ты цёмна, Родная краіна! Збіты ў кучу твае вёскі, Стрэхі ў дол уходзяць. Смутнай песні адгалоскі Лес, курганы родзяць. Крыж збуцвелы, знак пакуты, Тут і там чарнее. Даль паўнютка ціхай смуты — Жаль на душу вее! Ўсё ў табе, мой родны краю, Апавіта горам: I той вецер, што дзьме з гаю, Што шуміць над борам; Тыя песні, што на полі Жнеі запяваюць; Тыя думкі, што да болю Сэрца калыхаюць. Ва мне смутак, гора гэта Водгулле знаходзіць, Сэрца, жалем абагрэта, Песні смутку родзіць. Няхай плачам у тэй далі Песня разальецца, Каб усе на свеце зналі, Як нам тут жывецца.