Воблакі плывуць да Беларусі,
Дзе чарот расце, гняздзіцца бусел.
Дзе паволі сцежкамі старымі
Па царквах вандруюць пілігрымы.
Я нікому хлусіць не бяруся —
Адусюль, заўжды сюды вярнуся.
Да чужых святыняў не імкнуся,
Сэрца застаецца ў Беларусі!
Абмінуць хутчэй хачу натоўпы,
Атуліць лясныя валатоўкі,
Доўгі шлях прайсці праз тое поле,
Каб з гары зірнуць на наваколле.
Мілы край, дзе ўсцяж брыняць крыніцы,
Ад птушынай гаманы ўначы не сьпіцца,
Не ратуе плашч ад шэрай слоты,
Наймілей твае лясы, балоты!
Даражэй няма за тое сонца,
Што на ранку зіркае ў аконца.
Выпіўшы другіх краін абшары,
Да тваіх азёр імкнуцца хмары.