Застаюцца песня і Радзіма.
Можа ўсё мінаць, але яны
Непадзельныя, не знікнуць з дымам
Восені, кахання ці вясны.
Толькі гэта будзе не часова,
Будзе вечна жыць, як і жыве
Светлае, на роднай мове слова,
Месячная сцежка на траве.
І няхай жыццё не вельмі песціць
Тых, каму Айчыны боль баліць,
Ёсць Радзіма — значыць, будзе песня.
Будзе песня — і Радзіме жыць!