Былосць засумавала па радзіме,
Па той зямлі,
Што першаю была.
I плакала жніво слязьмі сухімі,
Хацеў пазычыць дзень
Журбе святла.
I незнаёма ўсё, і ўсё знаёма
I забыццю, і памяці было.
I прамянёў палючая салома
Спадала небасхілу на чало.
Каб чула ўдзячнасць незямныя крокі,
На момант мову адняло ў грамоў.
Цішэй плылі высокія аблокі.
I папрасілася душа дамоў...